Для маленькіх гледачоў
Без яе — ніяк. Гэта неўміручая класіка цэлага пакалення
— анімаваны альбом дзіцячых песень Змітра Вайцюшкевіча
Класічны беларускі мультфільм па матывах народнай казкі. Рэжысёр — Ігар Воўчак.
Беларускі адукацыйна-забаўляльны мультсерыял выйшаў у 2020 годзе. Выйшлі тры цудоўныя серыі — «Хованкі», «Вясёлка» і «Навагодні вальс», якія можна паказваць ужо дзеткам ад года і гэтак разам з імі пачынаць вучыць беларускую мову.
"Блізняты-важаняты. Навагодні вальс"
Кранальная гісторыя пра маленькага хлопчыка, які адправіўся на пошукі бацькі, што сышоў на вайну. Хлопчык знайшоў войска, якое рыхтуецца да бою, і спрабуе нагадаць ваярам пра іх сем’і і родны дом з дапамогай самаробных гусляў. Анімацыя створаная на «Беларусьфільме» ў 2019 годзе рэжысёркай Таццянай Кубліцкай.
У мультфільме расказваецца пра звычай, як старых людзей раней садзілі ў човен і пускалі па рацэ. Але нешта пайшло не так, і людзі неўзабаве пачалі шанаваць старых і мудрых людзей. Сцэнарыст і рэжысёр — Аляксандар Ленкін, «Беларусьфільм», 2011 год.
У аснову сюжэту мультфільма, створанага на «Беларусьфільме» ў 2015 годзе, пакладзеныя народныя абрады. Гэта смешная, кранальная гісторыя, агучаная каларытнай беларускай мовай. У ёй расказваецца пра тое, як людзі будзілі ўсёй вёскай мядзведзя, які скраў з неба сонца і тым самым затрымаў прыход вясны.
Казка 2019 года вытворчасці «Беларусьфільма» пра маленькае жабяня з вялікім сэрцам і яго незвычайную сяброўку-пачвару Лахнэску. На сваім балоце Апалон лічыўся вялікім і прыгожым, а Лахнэску, наадварот, не любілі і баяліся на радзіме. Такія непадобныя героі дапамагаюць адно аднаму ўсвядоміць каштоўнасць сваёй асобы і паверыць у сябе. На фоне гучыць музыка гурта «Нагуаль».
Мультфільм Таццяны Кубліцкай, створаны на студыі «Беларусьфільм» у 2014 годзе, расказвае маленькім гледачам, чаму жаўрукі першымі сустракаюць прыход вясны і адкуль у іх такія звонкія, жыццярадасныя песні.
Мультфільм Аляксандра Ленкіна, створаны на «Беларусьфільме» ў 2014 годзе. У ім яскрава паказана, што няважна, якая ў цябе прафесія, абы ты добрасумленна зарабляў сабе на жыццё. У анімацыі адметныя вобразы людзей і сляды ў гразі — моцны вобразны сродак мультфільма.
Мультфільм 1997 года пра мужыка, які заснуў, калі вудзіў акунёў, і прысніў папулярны сюжэт з народнай казкі пра небыліцы. Пазнавальная стылістыка «Беларусьфільма», народныя матывы і свет неверагодных прыгодаў — у гэтым адметнасць гэтага мульта.
Мультфільм 1982 года створаны на студыі «Беларусьфільм» паводле народнай казкі. Гэта лялечная анімацыя, у якой ёсць сцэна-макет і лялькі-акцёры: вол, мужык, ліса, мядзведзь і варона. І народная песня ў якасці саўндтрэка.
"Пра рыцара, які нічога не баяўся"
Мультфільм ад «Беларусьфільма», сюжэт якога нечым нагадвае Дон Кіхота. Дзеці могуць трохі спалохацца, бо ў мультфільме шмат зубастых пашчаў, чырвоных вачэй і насоў, чарцей і чарапоў, фантасмагарычных пераўтварэнняў і карчомных боек, страшных помнікаў і крыжоў на могілках — зрэшты, нічога з гэтага Рыцар не баяўся, апроч сваёй жонкі. А яшчэ там гучыць сакраментальны выраз «хавайся ў бульбу» і песня ў выкананні «Песняроў».
«Пастараль» – гэта замалёўка пра мары рыбака злавіць самую вялізную рыбіну ў свеце, але чаканні і рэальнасць не супадаюць. Мультфільм амаль без словаў, на працягу стужкі скрозь крумкаюць жабы, і чуваць з трактара песню «Бедна басота».
Мультфільм, створаны студыяй «Беларусьфільм» у 2018 годзе, прысвечаны нашаму першадрукару і асветніку Францыску Скарыну і 500-годдзю з моманту з’яўлення першай Бібліі па-беларуску. У загадкавай і чароўнай атмасферы сну Францыск Скарына сустракае дапытлівага льва, які ўмее гаварыць. Скарына адказвае на пытанні разумнай жывёліны і такім чынам распавядае пра сваё жыццё і творчасць.
Мультфільм пра Мышку, якая вялікага Слана перамагла
Казка пра прадпрымальніка Пятра, Казу і Каляды
БЕЛАРУСКАЯ КАЗКА: КУРКА РАБУШКА
Беларуская казка «Хохлік, Пачварык і чароўны ліхтарык»
Беларускія казкі. Кот і дурань
Мультфільм «Лагодны воўк» (2018) створаны на «Беларусьфільме» на аснове казкі пісьменніцы-казачніцы Алены Маслы пра ваўка, які хоць быў і галодны, але ўсё адно заставаўся лагодным. Музыку да анімацыі напісаў Леанід Паўлёнак, а выконвае гурт «Нагуаль».
1000 дзіцячых мультфільмаў па-беларуску: Свінка Пэпа, Хамф, Tiny Love, Мікі Маўс, Дзённік Флоркі, Фіксікі...ТУТ
«Свінка Пэпа» (англ.: «Peppa Pig») — брытанскі мультсерыял, які складаецца з кароткіх мультфільмаў па 5 хвілін.
З 2015 году кампанія «Кінаконг» перакладае і агучвае па-беларуску з удзелам вядомых беларускіх актораў легендарны дзіцячы мультсерыял «Свінка Пэпа». На дадзены момант ужо агучана 50 серый, якія цалкам бясплатна можна паглядзець у YouTube. Агучылі мультсерыял па-беларуску прафесійныя акцёры — Ганна Хітрык і Уладзімер Глотаў.
Галоўныя героі серыяла: Свінка Пэпа, яе малодшы брат Джордж, Мама Свінка і Тата Свінка. Сталымі персанажамі таксама з’яўляюцца Бабуля Свінка і Дзядуля Свінка, а таксама сябры Пэпы, Джорджа і іх бацькі. Быў паказаны па тэлебачанні больш чым у 180 краінах і перакладзены на 40 моў.
Хамф
Вядомы брытанскі мультсерыял пра сям’ю монстрыкаў (тата, мама і сам Хамф) і яго сяброў цяпер можна глядзець па-беларуску.
Хамф — гэта мілае пухнатае малое, што жыве разам са сваімі мамай і татам. Ён вельмі дапытлівы, пастаянна імкнецца даведацца нешта новае і даследаваць свет вакол сябе.
Лакалізаваныя па-беларуску 48 серый выкладзены на ютуб-канале студыі Gavarun.by.
Сюжэт кожнай серыі «Хамфа» будуецца на прыгодах і маленькіх адкрыццях Хамфа, на тым, як ён пазнае свет. Часта эпізоды носяць павучальны характар. Напрыклад, у адной з серыі Хамф і яго сябры ідуць у парк і заўважаюць раскіданае смецце. Яны абмяркоўваюць гэта, і затым пачынаюць збіраць яго і выкідваць у сметніцу. Дзеянне мультфільма звычайна адбываюцца ў доме Хамфа ці аднаго з яго сяброў, альбо ў парку с дзіцячай пляцоўкай.
Любімчыкі (Tiny Love)
«Любімчыкі» (Tiny Love) — гэта развівальна-забаўляльная мультфільм, прызначаны для самых маленькіх дзетак (ад трох месяцаў да трох гадоў), ён знаёміць з навакольнымі прадметамі, формамі і колерамі, насычаны песнямі і інтэрактыўнымі элементамі. Мультфільм атрымаўся настолькі ўдалы, што займеў мільёны ўдзячных гледачоў у розных краінах свету.
Любімчыкі / Tiny Love на беларускай мове - Частка першая
Любімчыкі / Tiny Love на беларускай мове - Частка другая
Мікі Маўс
25 серый на беларускай мове мультсерыяла «Мікі Маўс» з сезонаў 2013—2016 гадоў ад студыі Gavarun.by. У гэтых серыях адбылося доўгачаканае вяртанне легендарнага мышаняці, якое нарадзілася ў далёкім 1928 годзе. Адметнасць выбраных сезонаў у тым, што яны выкананы ў класічным дыснееўскім стылі пры выкарыстанні сучасных тэхналогій. У выніку атрымаўся вельмі яскравы і эмацыянальны мультфільм з добрым гумарам, павучальны і забаўляльны.
Бесклапотнае мышаня Мікі падарожнічае па свеце і трапляе ў розныя камічныя сітуацыі. Яго паўсюль суправаджаюць сябры: ці не заўжды незадаволены Дональд, гарэза Плута, дзіўнаваты Гуфі і весялушка Міні.
Дзённік Флоркі
Дзённік Флоркі — гэта польская мультсерыя, заснаваны на кніжнай серыі Roksany Jędrzejewskiej-Wróbel. Казка паказвае свет з пункту гледжання Флоркі, маленькай землярыйкі, якая ўважліва назірае за рэчаіснасцю. Флорка не вельмі давярае расповядам дарослых, таму правярае ўсё сама і робіць свае высновы. Як і кожны малы, яна здзіўляецца самым простым рэчам, пры гэтым вучыцца іх разумець і называць.
Папірус
Выдатны прыгодніцкі мультсерыял пра старажытны Егіпет «Папірус». 10 серый мультфільма на беларускую мову агучаны студыяй Gavarun.by.
Малады егіпецкі рыбак і звычайны хлопец Папірус загадкавым чынам абраны багамі абараняць краіну ад злых сіл Сэта — бога вайны і знішчэння. З дапамогай чароўнага мяча і сяброў ён мусіць знайсці змрочную піраміду Омбас і вызваліць заступніка Егіпта — бога святла Гора!
Неверагодныя прыгоды, выдатная маляваная графіка, узрушальны саўндтрэк і таямнічая атмасфера старадаўняга Егіпта.
Фіксікі
Фіксікі — расійскі анімацыйны мультсерыял. Створаны па матывах аповесці Эдуарда Успенскага «Гарантыйныя чалавечкі». На беларускую мову студыяй Gavarun.by пакуль агучана толькі 1 серыя — «Кампакт-дыск».
Дзе яшчэ шукаць мультфільмы па-беларуску?
1. Ютуб-канал курсаў «Мова Нанова», раздзелы «Дзеткам» і «Замежныя мульты па-беларуску» на сайце movananova.by.
2. Ютуб-канал студыі Gavarun.by і старонка ў ВК.
3. Ютуб-канал кампанія «Кінаконг».
4. Раздзел «Cinevoka – кіно па-беларуску» на voka.tv.
5. Падборка ад «Нашай Нівы»: ТОП-10 беларускамоўных мультфільмаў, якія трэба пабачыць кожнаму беларусу.
6. Паблік у ВК: Мультфільмы на беларускай мове.